Сцяг і яго чалавек
Гісторыі сцягоў, якія прынеслі
25 сакавіка да Опернага тэатра
Міхаіл Бацян, 66 гадоў, журналіст, і яго жонка Людміла, 62 гады, пенсіянерка:

"Муж працаваў дыпламатам у Вене. І пашпарты ў нас былі з "Пагоняй". А потым ужо ўсё адмянілі: усё пазбівалі, паламалі, перакрышылі. А гэтыя сцягі былі ў нас у амбасадзе, там, у Вене. Яны проста там віселі. У нас было тры сцягі. Адзін забралі ў 2006-м, калі на плошчы моладзь разганялі. Папрасіў адзін хлопец мой сцяг патрымаць, пакуль я на ноч дадому сыходзіла, бо ўжо старая баба. А іх раніцай затрымалі, і мой сцяг на вудачцы недзе загінуў. Цяпер вось два засталіся: гэты і дома адзін, 3 на 6, яго дачка пашыла. Я вырашыла яго не браць, бо тут мала плошчы. Відаць, не час яшчэ. Але аднойчы яго разгортвалі, у 2010-м 19-га снежня. Сёння ад раніцы ў нас на балконе расада і сцяг. Людзі сабак выгульваюць, а я — сцяг. Свята ж. А так у шафе ляжаць, на жаль. Але як толькі якая нагода — бяру і выходжу. Мы ж і на Якуба Коласа сёння былі, а як пачаўся хапун, пайшлі паціху сюды. Але на ўсялякі выпадак бутэрброды з сабой узяла".
Сяргей, 40 гадоў, юрыст-гаспадарнік:

"Мая маці прынесла гэты сцяг ад калегі з працы — яе сын быў у БНФ. Ён цяпер жыве ў Чэхіі. А мне тады дасталася два сцягі — гэта маленькі, самаробны, і большы, на драўляным дрэўцы, але ён пажоўк ад часу. Гэтаму сцяжку 25 гадоў. Ён ляжыць дома ў шафе, каб не выгараў. Да вясны 2006 года выкарыстоўваўся рэгулярна. А з таго часу даволі рэдка. Якая-ніякая маленькая гістарычная каштоўнасць".
Наташа, 17 гадоў, школьніца:

"Гэты сцяг раніцай мне дала мама. Яна сказала, што з ім была на плошчы мая бабуля ў 93-м годзе. Бабулі ўжо, на жаль, няма. Я паняцця не мела, што ў нас дома ёсць гэты сцяг, думала нават новы набываць. Але мама выручыла. У маёй сям'і заўсёды лічылася, што гэты сцяг адзіны, дзяржаўны і правільны. Сярод маіх сяброў мяне ніхто не падтрымаў, і было трохі страшна ісці адной. Маці баялася, што у мяне праз гэта могуць быць праблемы з паступленнем. Я так падумала, што сёлета могуць быць праблемы з паступленнем, потым 4 гады могуць быць праблемы з універсітэтам, а потым усё астатняе жыццё могуць быць праблемы з працай. Я што, так ўсё жыццё дома прасяджу?! Карацей, я пераканала маму і ўпершыню выйшла на вуліцу са сцягам, бо гэта дазволена. Калі я надзяваю сцяг на плечы і слухаю размовы тут, на сцэне, у мяне выступаюць слёзы".
Зміцер Кашавар, выдавец, 39 гадоў, і яго бацька Васіль, 69 гадоў, выкладчык:

"Я набыў гэты сцяг у 93-м годзе ва ўнівермагу "Беларусь", каб хадзіць на футбольныя матчы з сябрамі. Сябра набыў сцяг сярэдніх памераў, а я выбраў самы вялікі. З тых часоў я і пераехаў, сям'я стварылася, а сцяг захаваўся. Ён шмат чаго перажыў: яго адбіралі, але я не аддаваў, хіба што з беспрытомнага цела яго можна было ўзяць. Я так выхаваны, што сцяг — гэта святое. У 90-я я часта выходзіў на мітынгі, на стадыён да 97-га браў з сабой. Але калі паўстала пытанне, што сцяг забяруць, вырашыў не рызыкаваць і схаваць. Бацькі хавалі. На свята часам на балкон вывешвалі. Апошні раз я яго выносіў на вуліцу ў канцы 90-х. Сёння вось вынеслі разам з бацькам".
Леанід, 29 гадоў, бізнесмен:

"Гадоў 10 таму хтосьці мне падарыў герб "Пагоня" і гэты сцяг. А сцяг, напэўна, родам з часоў Незалежнасці. Ён у мяне ляжыць складзены ў шафе, чакае свайго часу. Перыядычна з ім выходжу. Звычайна мы ходзім у паходы і на канцэрты і бяром з сабой сцягі".
Юрый, 36 гадоў, навуковец, жонка Юлія, 35 гадоў, дачка Аляксандра, 9 гадоў:

"Гэты сцяг з Гародні. Ён вісеў каля бальніцы хуткай дапамогі. І вось калі змянілі, на жаль, гэты сцяг, яго знялі, палажылі на склад, і там ён ляжаў разам з пацукамі. Гэты сцяг нават хацелі аддаць на рыззё. Але я яго забраў. Ён вісеў у маім пакоі, потым у пакоі ў інтэрнаце, калі я вучыўся ў аспірантуры. Цяпер гэта нашая сямейная рэліквія. Дагэтуль мы бралі з сабой маленькія сцяжкі, а гэты баяліся, што адбяруць. А сёння ўзялі першы раз. Учора спецыяльна папрасавалі. Спадзяемся, аднойчы гэты сцяг вернецца на сваё старое месца".
Сяргей, лекар, за 50 гадоў:

"Разам з жонкай мы хадзілі на шэсці ў 90-я. Так у нас у кватэры сцяг і застаўся дагэтуль. Такі ўспамін пра тыя часы. Дома ён на шафе стаіць, на бачным месцы. Але ў нас ёсць яшчэ адзін сцяг, навейшы, яго сын набыў. Але сёння гэты трапіўся пад руку як больш надзейны, таму ўзяў з сабой".
Генадзь, 55 гадоў, начальнік выпрабаваўчай лабараторыі:

"Я ўвогуле чалавек апалітычны, але сваю гісторыю кожны беларус мусіць ведаць. Як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, я выходзіў на дэманстрацыі са сваімі дзецьмі і пляменнікамі з гэтым сцягам. Яго пашылі яшчэ ў савецкія часы, калі ён таксама быў забаронены. Мне падабаюцца колеры нашага сцяга, да таго ж, глядзіце, у мяне тут і радавы герб — я адмыслова патраціўся, каб быць далучаным да гістарычных момантаў. Хачу, каб мае дзеці пра гэта памяталі, а не проста хадзілі на канцэрты. Цяпер сцяг дома ляжыць. Вы ж бачылі, якія ў мінулым годзе хапуны былі. Калі настальгія бывае, дык я яго ў спальні магу павесіць . Я ўпэўнены, што мы вернемся да гістарычнай сімволікі. Калі ўжо расійцы прыйшлі да трыкалору, то мы таксама прыйдзем".
Яўген, 40 гадоў, інжынер, Дыяна, 27 гадоў, журналістка:

"Гэты сцяг пашыла некалі Ніна Багінская. Я так разумею, яна некалькі гадоў хадзіла з ім, а потым чамусьці вырашыла падарыць мне. Гэта было тры гады таму. Яна меркавала, што пойдзе на супакой, не будзе выходзіць, таму загадала мне працягнуць яе справу. Наказала, каб я быў яго варты. Канечне, я стараюся быць такім жа мужным і смелым, як яна. Некалі мы набывалі тканіну рулонамі, а Ніна Багінская шыла з яе сцягі. Сцягоў у мяне было больш за дзясятак. Яны луналі на канцэртах у Беластоку і Львове, на нейкім вялікім канцэрце ў мяне нават скралі сцяг. Выходжу са сцягам на святы і на пікеты. Гэта гонар — падняць сцяг".
Алесь Кургановіч, 26 гадоў, спецыяліст па продажах:

"Гэты сцяг заўсёды ляжаў у мяне дома. Яго амаль ніхто не выкарыстоўваў, таму што бацька з'ехаў. Бацька набыў яго на першых выбарах прэзідэнта, калі сцяг яшчэ быў дзяржаўным, у 1994 годзе. Цяпер я ўсюды хаджу з гэтым сцягам. Ён цяпер мой. Апошнія гады чатыры я яго вельмі часта выгульваю. І па розных краінах з ім езджу. Ён пабываў на канцэртах і фестывалях ва Украіне, у Вільні, на "Басовішчы". Але на тыя мерапрыемствы, дзе могуць яго адабраць, я хаджу без сцяга. Калі надзяваю сцяг на плечы, адчуваю гонар, мне падабаецца назіраць за рэакцыяй людзей. Гэта такі правакацыйны цікавы момант".
Вольга, 71 год, перакладчыца:

"У мяне тры такія сцягі. Аднойчы я іх купіла на адным з мітынгаў на выпадак, калі пойдуць мае сябры са мной. Гэта была 15-20 гадоў таму. Сцягі захоўваюцца ў шафе. Калі трэба — дастаю. Год таму я была з гэтым сцягам на шэсці на Чарнобыльскім шляху. Увогуле я ў гэтым руху з першай лекцыі ў тэатральным інстытуце, якую чытаў Зянон Пазняк. У мяне ёсць фота, дзе 23 гады таму вось тут мы стаялі перад нашым тэатрам. Гэта было лета. Тады ў нас кожныя два месяцы былі святы. На жаль, мая сям'я мяне не падтрымлівае. Мой муж — рускі, і дзеці таксама не прасякнуліся беларускай гісторыяй. У мяне шмат сяброў, якія ўсё разумеюць, але працуюць у дзяржаўных установах. Яны мне сёння пішуць у паведамленнях: "Жыве Беларусь!". Але выйсці баяцца. Я пенсіянерка, таму ўжо нічога не баюся. Часам гляджу на гэтую абыякавасць навокал, і мне падаецца, што будучыні няма, і становіцца вельмі сумна".
Ігнат, 27 гадоў, распрацоўшчык, Іна, 50 гадоў, юрыстка, Хрысціна, 13 гадоў, сямікласніца:

"Гэты сцяг старэйшы за мяне, і я не ведаю, адкуль ён узяўся ў нашай сям'і. У 92-м годзе я сядзеў у таты на плячах з гэтым сцягам у Мінску каля Палаца спорту. У мяне нават здымак захаваўся. Адказны за сцяг у нас бацька, але цяпер ён недзе тут гуляе са сваёй кампаніяй. Сцяг вісіць у нас у пакоі, захоўваецца як святыня. Гэта наш амулет, якім мы прыцягваем незалежнасць і свабоду, гэта дух мараў нашай сям'і".
Ігар, 46 гадоў, рабочы:

"Я набыў гэты сцяг незадоўга да таго, як яго забаранілі афіцыйна. Годзе ў 96-м. Ён вісіць у маім пакоі ў куце пад абразом. У мяне тыповая беларуская сям'я, і для яе я белая варона. Але я стараюся перадаваць сыну нейкія веды па гісторыі, спадзяюся, што ён калі-небудзь прыме маю вахту. На жаль, выгульваю сцяг не так часта, як хацелася б. Бо гэта ўсё ж такі крамола на сённяшні дзень. Але пры любой нагодзе стараюся браць з сабой. Яго некалькі разоў спрабавалі адабраць, але я абараняў свой сцяг. Калі я яго нясу, адчуваю гонар, з'яўляецца ўзнёслы настрой. Гэта маё, гэта ўва мне".
Нэля, 64 гады, Ганна, 40 гадоў, выкладчыца БДУ:

"У той час былі мітынгі і шэсці, і для гэтых мэтаў я пашыла сцяг. Вось гэтая мая дачушка 20 гадоў таму хадзіла са мной на мітынгі з гэтым вось сцяжком. У тым ліку і ля Опернага тэатра мы былі тады. Добра, што тыя часы вярнуліся і мы можам гэта паўтарыць. Сцяжок захоўваецца дома на бачным месцы. Аднойчы мая ўнучка з ім гуляла, калі ёй было два гадкі. У тыя змрочныя часы, якія былі да гэтага дня, са сцягам на вуліцу выходзілі нячаста".
Арцём, 25 гадоў, гісторык:

"Ён у мяне ляжыць з 2010 года — перад выбарамі трэба было закупіцца сцягамі. Брат мой пашыў, а гэты сцяжок я набыў у сядзібе БНФ. Танны быў. У мяне ёсць дома сцяна, дзе вісіць крыж, стаіць сцяг, там мае кніжкі, гітара. Такі своеасаблівы алтар. Сёння я ўпершыню з таго часу ўзяў сцяжок з сабой".
Васіліна, 25 гадоў, ландшафтны дызайнер, Аляксандр, 25 гадоў, менеджар, Федзя, год і дзевяць:

"Гэта сцяг маіх бацькоў, якія жывуць у вёсцы Маркава ля Маладзечна. У 95-м годзе ён вісеў на Маркаўскім сельсавеце. А калі з'явіўся чырвона-зялёны сцяг, бел-чырвона-белыя збіраліся проста выкінуць. Бацькі яго забралі дадому. І вось ён столькі часу чакаў, каб сёння мы яго вынеслі ў людзі на вуліцу. Дагэтуль бацькі яго вывешвалі штогод на Дзень Волі на хату. А гэта для яго першае свецкае мерапрыемства".
Аня, 32 гады, бізнес-аналітык:

"У мяне два сцягі. Адным падзялілася з сяброўкай, бо прыйшла, басяк, без сцяга! Я жыву ў Кіеве, і летась там было "Еўрабачанне". Я набыла квіток на фінал, але як туды ісці без сцяга? Муж мне даўно казаў: пашый сабе сцяг, што ты як дура ходзіш. А тут жа трэба запарыцца! Аднак сустракаю хлопца, беларуса, які шые нашы сцягі ва Украіне! І ён мне шые з сёння на заўтра два сцягі. Я з імі пайшла на "Еўрабачанне" і балела за Naviband. Сцягі ляжаць у чырвоным кутку — побач з дакументамі і грашыма".
Made on
Tilda